24 мая на сцэне Віцебскага абласнога Палаца дзяцей і моладзі з раніцы да вечара гучалі вершы і проза беларускіх класікаў, сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. 75 удзельнікаў у чатырох узроставых катэгорыях праходзілі творчае выпрабаванне ў конкурсе юных чытальнікаў ”Жывая класіка“, прысвечаным Году гістарычнай памяці.
Крытэрыямі вызначэння пераможцаў з’яўляліся глыбіня пранікнення ў вобраз, выбар тэксту, а таксама артыстызм выканання. Па выніках конкурсу былі названы імёны 35 пераможцаў. Сярод іх – навучэнка СШ №1 г. Сянно Рыбчанка Марыя (узроставая катэгорыя 1–4 класы), навучэнец Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Бабіч Цімур (узроставая катэгорыя 5–6 класы), навучэнка Машканскай ЯССШ Замасціновіч Вікторыя (узроставая катэгорыя 9-10 класы). Творчыя выступленні юных сенненцаў былі адзначаны дыпломамі III ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Дадзены конкурс, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ЗАТ ”Сталічнае тэлебачанне“, ГА ”Саюз пісьменнікаў Беларусі“, мае статус рэспубліканскага і праводзіцца штогод, пачынаючы з 2013 года.
Удзел у ім спрыяе павышэнню цікавасці ў дзяцей і падлеткаў да чытання, развіццю і захаванню высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў беларускага грамадства, выхаванню падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, любові да роднай беларускай мовы, таму што яна, як сцяг, герб і гімн, таксама з’яўляецца сімвалам нашай дзяржавы.
В.Каржыцкая, намеснік дырэктара Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзi
![]() |
![]() |
![]() |