Напрыканцы другой дэкады мая прайшоў абласны этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў ”Жывая класіка“. У ліку 88 канкурсантаў былі прадстаўнікі з нашага раёна вучні Багушэўскай сярэдняй школы імя А.Э.Марфіцкага Гаранькова Паліна і Пруднікава Ангеліна, Ходцаўскай сярэдняй школы Драгун Цімафей і Салаўёва Маргарыта. Барацьба за званне быць лепшым чытальнікам была вельмі напружанай. У чаканні вынікаў конкурсу прайшло амаль 10 дзён. Вельмі хацелася, каб на небасхіле ”Жывой класікі“ зазіхацелі зорачкі талентаў рабят Сенненшчыны.
Надзею на перамогу нашых вучняў выказваў і Ільюшэнка Дзмітрый, які звязаўся з намі па тэлефоне. Дарэчы, з размовы з мінулым выхаванцам Сенненскага дзіцячага дома, неаднаразовым пераможцам ”Жывой класікі“ розных узроўняў стала вядома, што Дзмітрый прызнаны пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі ”АРТ-вакацыі-2023“ (дыплом I ступені ў намінацыі ”Тэатральны жанр“), фінал якога прайшоў у Наваполацку – маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь.
І вось прыемная навіна, якую мы атрымалі з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, дзе праходзіў конкурс, – пачэснае трэцяе месца ў конкурсе юных чытальнікаў прысуджана Драгуну Цімафею, вучню Ходцаўскай сярэдняй школы.
Поспехам Цімафея ганарымся мы ўсе, асабліва школа, яго настаўніца Дзмітраковіч Мая Іванаўна, падапечная сям’я Баркаўцаў Дзмітрыя Аляксандравіча і Таццяны Віктараўны, дзе выхоўваецца хлопчык.
Пажадаем Цімафею далейшага творчага ўзыходжання, як гэта атрымоўваецца ў нашага таленавітага земляка Ільюшэнка Дзмітрыя.
Валянціна Каржыцкая, загадчык аддзялення
дадатковай адукацыі Сенненскага РЦДіМ