Сям’я – гэта надзейная гавань, крыніца цяпла, падтрымкі і натхнення. Менавіта сярод родных людзей мы адчуваем клопат, дабрыню, падтрымку і разумеем, як важныя сямейныя каштоўнасці. Даражэй сям’і няма нічога на свеце.
У кожным кутку нашай краіны зараз праходзіць Тыдзень бацькоўскай любві, які прысвечаны Дню Маці і Дню бацькі. Ён напоўнены мноствам розных мерапрыемстваў, на якіх гучаць шчырыя віншаванні, самыя цёплыя і пяшчотныя пажаданні ў адрас нашых маці і бацькоў.
”З любоўю да бацькоў“, – пад такой назвай у Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі ў гэтыя дні працуе фотавыстава. На ёй у адзінаццаці намінацыях прадстаўлена звыш за 100 работ. Іх аўтарамі з’яўляюцца навучэнцы і выхаванцы ўсіх устаноў адукацыі раёна, педагагічныя работнікі, законныя прадстаўнікі дзяцей. Трапяткія адносіны ўдзельнікаў выставы да сваіх бацькоў адчуваюцца ў кожным фотаздымку, кожнай яго назве. Вось, напрыклад, ”Мама – увасабленне дабрыні і цяпла“, ”Абдымкі мамы – лепшае месца на зямлі“, ”З татам хоць на край свету“, ”Наш тата – гэта наш маяк“, ”Нам ёсць кім ганарыцца, нам ёсць з каго браць прыклад“.
Арганізатары фотавыставы аддзел па адукацыі Сенненскага райвыканкама, Сенненская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання ”Беларускі саюз жанчын“, Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі дзякуюць усім яе ўдзельнікам, якія сваімі працамі сцвярджаюць, што бацькі – самае дарагое ў жыцці, бо ад іх кожны з нас атрымаў найвялікшы і бясцэнны дар – жыццё.
Любіце, беражыце, шануйце сваіх бацькоў і не забывайце дзякаваць іх за ўсё!