4 лютага ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі адбыўся занальны тур VIII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці ”Добры дзень, свет!“. На ім былі прадстаўлены ўдзельнікі палаца дзяцей і моладзі і трох бліжэйшых да абласнога цэнтра раёнаў: Шумілінскага, Сенненскага, Лёзненскага.
Агляд-конкурс, які праводзіцца ў Беларусі кожныя два гады, становіцца сапраўдным выпрабаваннем для юных талентаў, правяраючы іх творчыя здольнасці і гатоўнасць дэманстраваць іх на высокім узроўні. Мерапрыемства прайшло пад дэвізам ”Беларусь – краіна подзвігу, жыцця і дасягненняў!“.
32 удзельнікі з устаноў адукацыі нашага раёна выступілі ў чатырох вочных намінацыях. Сярод іх прадстаўнікі Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, Сярэдняй школы № 1 г. Сянно імя З. І. Азгура, Сярэдняй школы № 2 г. Сянно імя А. К. Касінцава, Машканскай сярэдняй школы ім. А.К.Гараўца, Ходцаўскай сярэдняй школы.
Юныя таленты Сенненшчыны падрыхтавалі яркую канцэртную праграму пад назвай ”Калі ласка“, якая зрабіла добрае ўражанне на членаў журы і гледачоў. Праграма ўключала разнастайныя выступленні, якія адлюстроўвалі культурнае багацце нашага народа і творчы патэнцыял удзельнікаў.
На выставе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая працавала на першым паверсе палаца дзяцей і моладзі, журы звярнула ўвагу на творчыя работы вышэйназваных устаноў адукацыі, а таксама на работы, якія паступілі з Багушэўскай сярэдняй школы імя А.Э.Марфіцкага, Студзёнкаўскай сярэдняй школы імя П.Л.Бабака, Сенненскага дзіцячага дома.
Вынікі занальнага этапу будуць падведзены крыху пазней. Спадзяемся, што навучэнцы нашага раёна пакажуць добры ўзровень і далей працягнуць радаваць нас сваімі творчымі дасягненнямі.