Раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні ”Зарнічка“, прысвечанай 81-й гадавіне Вялікай Перамогі, сабраў у Сенненскім раённым фізкультурна-спартыўным клубе ”Алімп“ самых адважных, спрытных і спартыўных акцябрат. Гэтае маштабнае мерапрыемства, арганізаванае аддзелам па адукацыі Сенненскага райвыканкама і Сенненскім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі, мела на мэце ўмацаванне грамадзянска-патрыятычнага выхавання і фізічнага развіцця малодшых членаў грамадскага аб’яднання ”Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя“. Арганізатары падкрэсліваюць, што фарміраванне патрыятычных пачуццяў павінна пачынацца з ранніх гадоў, і ”Зарнічка“ як нельга лепш спрыяе абуджэнню цікавасці да ваеннай гісторыі краіны і гатоўнасці абараняць Радзіму.
Шэсць каманд з устаноў адукацыі раёна змагаліся за званне наймацнейшай.”Зарнічка“ – гэта комплекс камандных спаборніцтваў, якія ўключаюць як інтэлектуальныя, так і абаронна-спартыўныя выпрабаванні. Удзельнікі прадэманстравалі свае навыкі ў аглядзе строю акцябрацкіх войск ”Будзь гатовы!“, праверылі веды ў інтэлектуальным квізе ”Маленькія грамадзяне вялікай краіны“, пераадольвалі перашкоды ў эстафеце ”Спартыўныя рубяжы“ і праявілі крэатыўнасць у конкурсным выпрабаванні ”Код каманды“.
Юныя ”зарнічнікі“ бліскуча справіліся з усімі пастаўленымі задачамі, прадэманстраваўшы не толькі адвагу, але і выдатную спрытнасць, хуткасць, згуртаванасць і сапраўдны патрыятызм. Па выніках напружанай барацьбы пераможцам раённага этапу стаў атрад ”Крэпасць“ Сярэдняй школы № 2 г. Сянно імя А.К. Касінцава. Менавіта ім выпаў гонар прадстаўляць Сенненскі раён на абласных спаборніцтвах. Другое месца заняў атрад ”Наследники“ Багушэўскай сярэдняй школы імя А.Э. Марфіцкага. Трэцяе месца падзялілі атрады ”Бравые бойцы“ Машканскай сярэдняй школы імя А.К. Гараўца і ”Патриот“ Ходцаўскай сярэдняй школы.
Віншуем усіх удзельнікаў і іх кіраўнікоў з выдатнымі вынікамі і дзякуем за выхаванне патрыятызму ў дзяцей!
Ціханава В.У., дырэктар Сенненскага РЦДіМ









